Пасол Беларусі ў Зімбабвэ даў інтерв'ю радыёстанцыі «Стар ФМ» (Star FM)
15.09.2026 г.14 верасня 2026 года Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Зімбабвэ Юрый Нікалайчык даў разгорнутае інтэрв'ю вядучай зімбабвійскай радыёстанцыі Star FM.
У гутарцы з радыёвядучай Ліндай Мурыра кіраўнік дыпламатычнай місіі падрабязна асвятліў бягучы стан і стратэгічныя перспектывы двухбаковага ўзаемадзеяння, закрануўшы клюкавыя пытанні гандлёва-эканамічнага і тэхналагічнага парадку дня.
Кіраўнік дыпламатычнай місіі падкрэсліў, што асноўным арыенцірам узаемадзеяння на найбліжэйшую перспектыву вызначана Дарожная карта стратэгічнага супрацоўніцтва і партнёрства на 2026–2030 гады, падпісаная ў рамках візіту ў Беларусь Прэзідэнта Зімбабвэ Эмерсана Мнангагвы ў маі 2025 года. Дакумент уключае 12 кластараў, накіраваных на дасягненне канкрэтных эканамічных вынікаў і выкананне пастаўленай лідарамі дзвюх краін мэты — дасягнуць двухбаковага тавараабароту ў 100 млн долараў ЗША да 2030 года.
Было адзначана, што ў рамках сумеснай праграмы механізацыі сельскай гаспадаркі Зімбабвэ ўжо паспяхова працуюць каля 3000 адзінак беларускай аграрнай тэхнікі. Кампанія-дылер забяспечвае пастаўку запчастак, арганізацыю сэрвіснага абслугоўвання і навучанне мясцовых фермераў.
Слухачы радыёстанцыі былі праінфармаваны аб прамысловым, сельскагаспадарчым і тэхналагічным патэнцыяле Беларусі. Падкрэслена гатоўнасць нарошчваць узаемадзеянне ў розных галінах АПК, уключаючы пастаўкі мінеральных угнаенняў, ветэрынарных прэпаратаў, аградронаў, абсталявання для сушкі і захоўвання збожжа, а таксама жывёлагадоўлі.
Пацверджана зацікаўленасць у пераходзе ад прамога імпарту да стварэння ланцужкоў дададзенай вартасці. Адзначана асаблівая важнасць запуску сумеснага праекта па зборцы міжгародніх аўтобусаў у Зімбабвэ. Поспех гэтай ініцыятывы будзе спрыяць рэалізацыі іншых вытворчых праектаў, арыентаваных на рынкі Зімбабвэ і краін САДК.
Пасол заявіў пра гатоўнасць да прапрацоўкі канкрэтных механізмаў інтэграцыі беларускіх высокатэхналагічных рашэнняў у эканоміку Зімбабвэ. Найбольш перспектыўнымі кірункамі супрацоўніцтва вызначаны штучны інтэлект (ШІ), ахова здароўя, лічбавая сельская гаспадарка, фінтэх, электронная камерцыя і тэхналогіі «разумнай вытворчасці».
Акцэнтавана ўвага на намаганнях урадаў дзвюх краін па фарміраванні трывалага прававога падмурка эканамічных сувязей: уступіла ў сілу Пагадненне аб пазбяганні падвойнага падаткаабкладання. На стадыі ратыфікацыі знаходзяцца пагадненні аб узаемнай абароне інвестыцый і аб прававой дапамозе па грамадзянскіх і камерцыйных справах, завершаны перамовы па дакуменце аб мытным супрацоўніцтве. Бакі рэалізуюць комплекс мер па далейшым спрашчэнні ўзаемнага гандлю, уключаючы прапрацоўку магчымасці заключэння пагаднення аб прэферэнцыйным гандлі паміж Еўразійскім эканамічным саюзам (ЕАЭС) і Зімбабвэ.
Юрый Нікалайчык падкрэсліў, што рэалізацыя Дарожнай карты — гэта дынамічны працэс, скіраваны на дасягненне адчувальных вынікаў. Да зімбабвійскай аўдыторыі была даведзена інфармацыя аб выніках другога раўнда палітычных кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў дзвюх краін, якія адбыліся ў Мінску 14 верасня 2026 года і падчас якіх бакі прадметна абмеркавалі выкананне праектаў Дарожнай карты.
Падчас прамога эфіру Пасол адказаў на пытанні радыёслухачоў.